Сельхозпредприятия Докшицкого района продолжают заготавливать корма

a-1684-s

Восень – работ восем. Гэта прымаўка найлепш адносіцца да галіны сельскай гаспадаркі. Хоць і прынята самай гарачай парой лічыць жніво, аднак нарыхтоўка кармоў, якая пачынаецца яшчэ ў чэрвені і заканчваецца, можна сказаць, з першым снегам, – кампанія не менш адказная і напружаная. І асенняй парой у сельгаспрадпрыемствах усе сілы накіроўваюцца не толькі на ворыва, падрыхтоўку глебы да сяўбы і непасрэдна на сяўбу азімых культур, але яшчэ і на заканчэнне ўборкі кукурузы – не толькі на сілас, але і на зерне. Гэтай работай і займаюцца апошнія некалькі дзён у ААТ “Барсучанка”.

На кукурузным полі за вёскай Грабучае ўбачылі камбайн і пад’ехалі, каб пацікавіцца, ці не здарылася якой паломкі.

Усё нармальна, запэўнілі механізатары Мікалай Баброўскі і Аляксандр Кухта. Аказалася, спыніліся для прафілактычнага агляду сваёй магутнай тэхнікі: кукуруза ж не збожжа, нагрузка на камбайн павялічваецца ў значнай ступені. Тым больш сёлета, калі царыца палёў вырасла на славу – ураджайнасць яе ў гаспадарцы складае 302 цэнтнеры з гектара, а пасеяна больш за 800 гектараў. Кукурузныя пачаткі, якія дасягнулі належнай спеласці для ўборкі на зерне, таксама радуюць памерамі, таму бункер камбайна запаўняецца вельмі хутка. Па тэмпах уборкі ААТ “Барсучанка” з’яўляецца на сённяшні дзень лідарам (у ААТ “Бягомльскае” гэта работа ўжо завершана) – кукуруза ўбрана амаль на 90 працэнтах плошчаў. Аднак расслабляцца рана: на добрай сотні гектараў яшчэ трэба папрацаваць.

Сярэдняя ўраджайнасць кукурузы па раёне складае 345 цэнтнераў з гектара, і гэта дастойны паказчык. Вышэй за сярэднюю атрымалі ў ААТ “Бягомльскае” – 418,7 ц/га, ААТ “Таргуны” – 396,8 ц/га, КУП “Докшыцкі” – 379,7 ц/га.

Найлепш аб стане нарыхтоўкі кармоў, канешне ж, гаворыць такі паказчык, як колькасць цэнтнераў кармавых адзінак на ўмоўную галаву жывёлы. Паводле аператыўнай інфармацыі, на 21 кастрычніка бягучага года сярэдні паказчык па раёне складае 36,48 ц.к.адз., што ледзь не напалову больш, як у мінулым годзе. Калі ж гаварыць пра кожнае сельгаспрадпрыемства, то бясспрэчным лідарам па колькасці кармоў на ўмоўную галаву жывёлы з’яўляецца ААТ “Бягомльскае” – 65,58 ц.к.адз (+31,66 ц.к.адз. да ўзроўню мінулага года). Высокі паказчык і ў ААТ “Таргуны” – 41,7 ц.к.адз. (+19,34). Астатнія сельгасарганізацыі ідуць прыкладна на адным, таксама годным узроўні: КУП “Докшыцкі” – 33,54 ц.к.адз. (+9,4), ДП “АграСітцы” – 32,91 ц.к.адз. (+16,57), ААТ “Барсучанка” – 31,5 ц.к.адз. (+12,65), ДП “Гняздзілава-Агра” – 30,59 ц.к.адз. (+3,13), ААТ “Докшыцкі райаграсэрвіс” – 27,62 ц.к.адз. (+13,18).

Алена НЕСЦЯРОНАК.
Фота Вячаслава ЧАРВІНСКАГА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *