Сорок лет отработал водителем автобуса Николай Столярёнок из Докшиц
Аўтобусны стаж дакшычаніна Мікалая Сталяронка налічвае чатыры дзясяткі гадоў. Па адукацыі мантажнік стальных і жалезабетонных канструкцый, аднак па спецыяльнасці працаваў усяго пару месяцаў. Служба ў арміі перарвала яго будаўнічую кар’еру, а пасля дэмабілізацыі паслухаўся матчынай парады: “Ідзі ў аўтобуснікі. Яны ў белых кашулях ездзяць”.
Вядома, на ростанях прафесіянальнага самавызначэння завабіла хлопца не белая кашуля. Падалася заманлівай магчымасць заўжды быць у руху, знаёміцца з новымі людзьмі і наталяцца маляўнічымі краявідамі. Так з лёгкай матулінай падачы Мікалай на доўгія гады звязаў свой лёс з транспартам.
З 2019 года Мікалай Мікалаевіч – вадзіцель школьнага аўтобуса. На сваёй ГАЗелі Next падвозіць выхаванцаў раённага Цэнтра карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі, Параф’янаўскага дзіцячага сада, вучняў гарадскіх школ. Маршрут пралягае праз Докшыцы, Бягомль, Юхнаўку, Параф’янава і Сітцы.
Пад’ём у вадзіцеля ранні – у 6.30 ужо на лініі. З юнымі пасажырамі прыветлівы, цікавіцца іх справамі і вучобай. Як бы незнарок заўважае, што ў салоне павінен быць поўны парадак. Сочыць за выкарыстаннем рамянёў бяспекі. Аўтобус абсталяваны сістэмай відэаназірання, а дзяцей суправаджаюць педагагічныя работнікі.
Самыя складаныя пасажыры – дзеткі з парушэннем здароўя, але і да іх Мікалай Мікалаевіч знаходзіць падыход: падбадзёрыць, супакоіць у выпадку неабходнасці. Сярод іх любіміца ўсяго аўтобуса – дзяўчынка-весялушка, якая звычайна на ўваходзе і выхадзе просіць дзядзю Колю ўключыць музыку, каб патанцаваць. У выніку чужая радасць становіцца агульнай.
Наогул, заўважае Мікалай Сталяронак, кіроўца аўтобуса прапускае праз сэрца тысячы радасных і сумных гісторый сваіх пасажыраў, назірае за іх эмоцыямі, расстаннямі і сустрэчамі. Гэта напаўняе душу разнастайнымі пачуццямі, развівае назіральнасць і суперажыванне.
Між тым жыццёвая дарога Мікалая пралягла праз многія геаграфічныя кропкі. Нарадзіўся ў Казахстане, куды яго бацькі, ураджэнцы Глыбоцкага раёна, па камсамольскай пуцёўцы паехалі ўздымаць цаліну. У 1969 годзе Сталяронкі з пяцярымі дзяцьмі вярнуліся ў Беларусь і пасяліліся ў Порплішчы, дзе неўзабаве іх напаткала вялікая бяда – не стала галавы сям’і. Колю з братам адправілі ў інтэрнат, бо маці не пад сілу было адной падняць усіх малых. Спачатку браты выхоўваліся ў Бягомлі, затым у Асвеі. Прафесійнае майстэрства Мікалай асвойваў у Віцебску, а працоўны шлях пачынаў у Полацку. Служыў у Сімферопалі і Ленінградзе.
Дваццаць два гады – з 1983 па 2005 год – адпрацаваў у Докшыцкім філіяле Бягомльскага аўтапарка № 19, дзе набыў выдатны вопыт кіроўцы на прыгарадных і міжгародніх маршрутах, праявіў сябе як сапраўдны прафесіянал. За працоўную дзейнасць без дарожна-транспартных здарэнняў, парушэнняў Правіл дарожнага руху і вытворчай дысцыпліны ўзнагароджаны нагруднымі знакамі “За работу без аварый” трох ступеней.
Наступныя дзевяць гадоў працягваў сваю аўтобусную эпапею ў Маскве, курсіраваў з камандзіроўкамі па гарадах Расіі. “Пакруціцца па мегаполісах – гэта бясцэнная практыка для вадзіцеля”, – заўважыў на гэты конт Мікалай Мікалаевіч.
Збой здароўя прымусіў нашага героя збавіць абароты і адмовіцца ад вахты ў суседнюю краіну. Таму ўладкаваўся ў аддзел па адукацыі райвыканкама на грузавую ГАЗель. “Вытрымаў паўгода, – успамінае Мікалай. – Не маё гэта – грузы вазіць, мне больш падабаюцца стасункі з людзьмі”. Але ж пасля гэтага, як бы там ні было, паспрабаў свае сілы і на фуры – ездзіў у Расію, Германію, Бельгію, Галандыю. “Хлеб дальнабойшчыка нялёгкі, – прыйшоў да высновы. – Для гэтага патрэбна моцнае здароўе”. І цяпер нават сына-дальнабойшчыка адгаворвае ад гэтай работы, шкадуючы яго.
І вось так у рэшце рэшт Мікалай Сталяронак стаў працаваць на школьным аўтобусе. З вялізным багажом ведаў і ўменняў. За рулём ён адчувае сябе як рыба ў вадзе. Сам рамантуе і дбайна даглядае машыну. І немалаважна, што паважае сваіх пасажыраў, цэніць іх камфорт. “Калі любіш сваю работу, то яна няцяжкая”, – рэзюмаваў Мікалай. Яго імя занесена на Дошку гонару Цэнтра па забеспячэнні дзейнасці бюджэтных арганізацый Докшыцкага раёна.
Ніна КРУКОВІЧ.
Фота аўтара.