Спорт в почете у сотрудников Докшицкого отделения Департамента охраны
Вялікую ўвагу праваахоўнікі надаюць фізічнай падрыхтоўцы. Гэта і зразумела. Супрацоўнік міліцыі павінен быць хуткім і цягавітым. Ад гэтага ў тым ліку залежыць грамадская бяспека. У Докшыцкім аддзяленні Дэпартамента аховы служаць якраз моцныя і фізічна развітыя супрацоўнікі.
Свой узровень падрыхтоўкі яны пастаянна пацвярджаюць на галіновых спартакіядах, з якіх абавязкова прывозяць дыпломы і кубкі. Стымулам можна назваць і асабісты прыклад начальніка арганізацыі Міхаіла Яловіка, вядомага мясцовага чэмпіёна ў бегу і рукапашным баі. Не менш спартыўных заслуг і ў міліцыянера ўзвода міліцыі аддзялення Дэпартамента аховы прапаршчыка міліцыі Аляксандра Мацкевіча, які з’яўляецца адказным за фізічную падрыхтоўку калег-супрацоўнікаў.
– Фізічныя трэніроўкі з’яўляюцца абавязковымі ў праваахоўнікаў, – гаворыць Аляксандр Васільевіч. – Для гэтага ёсць патрэбная матэрыяльная база. У кожным аддзяленні аховы дзейнічаюць спартыўныя залы з трэнажорамі і неабходным інвентаром. Кожны для сябе можа выбраць любімы кірунак. Напрыклад, мне больш падабаецца лёгкая атлетыка. Перыядычна бегаю з аграгарадка Порплішча, у якім жыву, да Глыбокага і назад. Гэта дзесьці кіламетраў трыццаць. Так трэнірую сваю трываласць. Люблю плаванне, рукапашны бой, на спартакіядах выступаю звычайна ў мнагаборстве. Лейтэнант міліцыі Ігар Жылінскі захапляецца біятлонам. У гэтым годзе двое нашых супрацоўнікаў, Андрэй Марасанаў і Уладзімір Фурс, сталі пераможцамі ў комплексным экзамене ў межах абласнога агляду-конкурсу прафесійнага майстэрства абласнога ўпраўлення Дэпартамента аховы. Дарэчы, штогод кожны праваахоўнік праходзіць комплексную праверку сваёй фізічнай падрыхтоўкі. Страляем, бегаем, падцягваемся. Гэта трэба ў першую чаргу самому сабе.
Аляксандр Мацкевіч стаў добрым прыкладам і сваім дачушкам – адзінаццацігадовай Сабрыне і сямігадовай Уладзе. Абедзве з’яўляюцца навучэнкамі Докшыцкай ДЮСШ. Старэйшая ўжо мае шэраг раённых узнагарод у спаборніцтвах па лёгкай атлетыцы, не аднойчы прадстаўляла раён і на вобласці. Малодшая толькі пачала свой шлях у спорт. Але, як гаворыць бацька Аляксандр, галоўнае – жаданне! Поспех прыходзіць толькі да мэтанакіраваных і працавітых. І з гэтым немагчыма не пагадзіцца.
Яўгенія МАЛЕВІЧ.
Фота аўтара.