Японский сад создала на своём участке Татьяна Гапанёнок из агрогородка Порплище

a-1686-s

Менавіта маленькай часцінкай далёкай усходняй краіны падалася гэта сядзіба на вуліцы Кветкавай у аграгарадку Порплішча, куды нас накіравалі (вялікі дзякуй!) у сельвыканкаме. Зачараваныя майстэрствам гаспадыні як садова-паркавага дызайнера, правялі там цэлую гадзіну, поўную цудоўных уражанняў і ад таго, што ўбачылі, і ад нашай новай знаёмай.

Варта адразу адзначыць, што Таццяна Валянцінаўна ніякіх спецыяльных курсаў не заканчвала – проста ад прыроды надзелена добрым густам, творчымі здольнасцямі, і ўсё гэта, зразумела, памножана на вялікую працавітасць. Толькі той, хто сур’ёзна займаецца садаводствам і кветкаводствам, ведае, што гэтыя справы патрабуюць нашмат больш часу і намаганняў, чым догляд агарода (калі ён, вядома, сярэднестатыстычнага маштабу). Як спраўляецца Таццяна падтрымліваць на сваёй сядзібе парадак і прыгажосць і ўвесь час ствараць нешта новае, загадка. Так, жанчына, што працавала на розных пасадах у мясцовым сельгаспрадпрыемстве, ужо знаходзіцца на заслужаным адпачынку, аднак на яе плячах немалы па памерах дом і такая ж унушальная тэрыторыя вакол яго, дзе няма параднай і гаспадарчай зон – кветкі, дэкаратыўнае кустоўе і хвойныя дрэвы паўсюды. І агарод, дарэчы, таксама ёсць.

a-1693

Таццяну Валянцінаўну хвойнікі – туі, кіпарысавікі, сосны, ядлоўцы і іншае – прывабліваюць тым, што яны, па-першае, зялёныя круглы год (і дом з цэглы мяккага чырвонага адцення вельмі хораша глядзіцца ў іх акружэнні, а зімой на белым фоне снягоў – асабліва), а па-другое, тым, што гэтым раслінам можна надаваць самыя розныя формы. Работа, канешне, вялікая, пастаянная: не кажучы ўжо пра паліванне, барацьбу са шкоднікамі, падкормкі і ўкрыванне на зіму, увесь час трэба нешта абразаць, закручваць, абскубваць, састрыгаць, прыдаваць жаданую форму. У дызайнера-самавучкі гэта выдатна атрымліваецца – нават са звычайнай сасонкі, прынесенай з лесу, яна фарміруе японскае дрэва-бансай. Ружы, гартэнзіі, іншыя кусты на штамбах, якія вельмі нятанна каштуюць у пітомніках і на рынках, Таццяне таксама падуладныя.

– Займаюся кветкамі і хвойнымі ўжо даўно, – распавядае, – але густ мой і веды фарміраваліся, вядома ж, не за адзін год. Раней садзіла ўсё, на чым затрымлівалася вока, – расліны ж усе па-свойму прыгожыя. Паступова ў маім уяўленні вымалёўвалася тое, як павінна выглядаць агульная карціна, і я ад чагосьці пазбаўлялася – раздавала сябрам і знаёмым, а штосьці набывала. Зараз, калі, скажам так, канва ўжо ёсць, застаецца працаваць над больш дробнымі дэталямі.

a-1695

Гэтых “дробных дэталей” у Таццяны столькі, што разбягаюцца вочы і захоплівае дух: хосты і гейхеры, гартэнзіі і хрызантэмы, ружы і магноліі, ірысы і самшыты, лілеі і лілейнікі, юка і лаванда, барбарыс і міскантус, алісум і шалфей… І так званыя гаршковыя кветкі ёсць. Таццяна Валянцінаўна паспяхова займаецца чаранкаваннем, і расліны “ад Таццяны” дзе ўжо толькі ні жывуць, пачынаючы ад мясцовай школы і заканчваючы прыватнымі сядзібамі. А ў дадатак да саджанца гэта абаяльная жанчына, можна з упэўненасцю сказаць, ужо сапраўдны прафесіянал у любімай справе, ахвотна дае падрабязную кансультацыю па доглядзе і шчыра радуецца, калі кветка ці дрэўца дзякуе сваім ростам ці цвіценнем новаму гаспадару.

a-1694 a-1692 a-1691

Алена НЕСЦЯРОНАК.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *