2 ноября — Дмитриевская родительская суббота, день особого поминовения усопших

sub-s

Дзень асаблівага памінання памерлых, які называецца Дзмітраўскай бацькоўскай суботай, у 2024 годзе выпадае на 2 лістапада. Чаму ў гэты восеньскі дзень праваслаўныя вернікі ўспамінаюць памерлых і як гэта належыць рабіць, “РВ” распавёў благачынны Докшыцкай царкоўнай акругі протаіерэй Леанід Страха:

Протаіерэй Леанід Страха

Протаіерэй Леанід Страха

– Штогадовая “прывязка” да календара простая: гэта субота, якая папярэднічала дню памяці святога велікамучаніка Дзімітрыя Салунскага (8 лістапада па новым стылі). Старажытны вайсковец-хрысціянін, закатаваны за сваю евангельскую пропаведзь, заўсёды быў ушанаваны на Русі. Нездарма вялікія князі давалі яго імя сваім сынам. Вось і ў святога князя Дзмітрыя Данскога, які праславіўся перамогай над татара-манголамі, нябесным апекуном быў Дзмітрый Салунскі. Па вяртанні сваім з Кулікова поля князь Маскоўскі Дзімітрый Іаанавіч загадаў штогод здзяйсняць памінальныя богаслужэнні па ўсіх рускіх воінах, якія загінулі ў бітве. Для гэтага і ўстанавіў асаблівую памінальную суботу напярэдадні святкавання сваіх імянін – Дзмітраўскую.

Першае памінальнае богаслужэнне ў Дзмітраўскую суботу было ў Траецкай абіцелі прападобнага Сергія. У яе сценах маліліся аб памерлых сам вялікі князь, яго набліжаныя і вышэйшае духавенства. З цягам часу Дзмітраўская бацькоўская субота стала агульнапрызнаным у народзе днём асабліва руплівага памінання ўсіх памерлых праваслаўных хрысціян, а не толькі воінаў.

– Чаму ж менавіта субота стала памінальным днём?

– Пачнём з таго, што кожны дзень тыдня ў Праваслаўнай Царкве прысвечаны пэўнай падзеі ці з’яве ў гісторыі чалавецтва і хрысціянскай веры. Любая нядзеля года – гэта малы Вялікдзень, перамога жыцця над смерцю. У панядзелак на богаслужэнні моляцца Нябесным Сілам бесцялесным, гэта значыць – анёлам; у аўторак – Іаану Прадцечы; у сераду са смуткам прыгадваюць здраду Іуды і шануюць святы Крыж Гасподні; чацвер прысвечаны апосталам і свяціцелю Мікалаю Цудатворцу, пятніца – крыжовым пакутам Збавіцеля… А ў суботу асабліва шануюць усіх святых і Багародзіцу, а таксама ў царкоўных спевах успамінаюцца памерлыя. Чаму? Хрысціяне вераць: “У Бога ўсе жывыя” – і моляцца аб памерлых як аб жывых. Бо смерць, паводле вучэння Царквы, зусім не з’яўляецца завяршэннем жыцця душы.

Па вялікім рахунку, нашы памерлыя блізкія не маюць патрэбы ні ў помніках на месцы пахавання, ні ў памінальнай трапезе, ні ў гучным узнясенні іх жыццёвых заслуг. Адзінае, у чым сапраўды адчувае неабходнасць душа нябожчыка, гэта ў малітве жывых. Пра што? Вядома, пра тое, каб міласэрны Гасподзь дараваў памерламу яго зямныя грахі і пасяліў яго ў Царстве Нябесным, гэта значыць – у раі, сярод святых. Сам спачылы ўжо не можа ні маліцца за сябе, ні рабіць добрыя справы, і таму нячутна просіць аб гэтым усіх тых, каго пакінуў на зямлі.

Сотні вернікаў прыйдуць у гэты дзень у праваслаўныя храмы нашага раёна, напішуць у памінальных запісках імёны памерлых, запаляць свечкі, пакінуць пачастункі ці іншую ахвяру.

…Стосы запісак. Чароды імёнаў пад скляпеннямі храмаў. Мяккім святлом гараць свечкі, спявае хор, далікатная смуга ад кадзільнага ладана, чалавечы натоўп плячо да пляча… І раптам у гэтай прасвяднай агульнай малітве падасца, што між імі, гэтак жа плячом да пляча, зусім побач стаіць нябачная чарга памерлых у трапяткой надзеі пачуць сваё імя, і суцешыцца, і ў нябеснай абіцелі дзякаваць за падтрымку і памяць…

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *