«Животноводство – это мое!» — с уверенностью говорит заведующий МТК «Бегомль» Татьяна Ганус
17 лістапада — Дзень работнікаў сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці АПК
“Жывёлагадоўля – гэта маё!” Так з упэўненасцю гаворыць загадчык малочнатаварнага комплексу “Бягомль” ААТ “Бягомльскае” Таццяна Ганус. І дадае: “Я працаголік. Не ўяўляю, як можна праводзіць дні на канапе перад тэлевізарам, – мяне, мусіць, разарвала б на часткі. Жыццё ў маім разуменні – пастаянны рух і стварэнне”.
Цудоўнае крэда, праўда? Думаецца, менавіта такі светапогляд дапамагае Таццяне быць энергічнай, абаяльнай, цудоўна выглядаць, спраўляцца з абавязкамі загадчыка такога буйнога комплексу і кіраваць калектывам у складзе трох дзясяткаў работнікаў з нейкай, так бы мовіць, паветранай лёгкасцю.
Увогуле ж па спецыяльнасці Таццяна Мікалаеўна повар. Аднак жыццёвыя абставіны часам складаюцца непрадказальна. Хаця… магчыма, што ў дадзеным выпадку і прадвызначана, бо, трапіўшы працаваць у галіну жывёлагадоўлі, маладая жанчына неяк адразу зразумела, што гэта яе прызванне. Таму і палічыла патрэбным адвучыцца на тэхніка-асемянатара. Ураджэнка Пруднікаў, раней яна працавала ў “АграБераснёўцы”. У “Бягомльскае” прыйшла лабарантам і вось ужо паўтара года загадвае комплексам разам з Ірынай Васілевіч, з якой, адзначае, знайшлі паразуменне з першых дзён.
Яшчэ адзін жыццёвы дэвіз Таццяны – “Калі трэба, будзе зроблена”. І ва ўсім яна любіць парадак.
– Тут нас моцна падтрымлівае наш дырэктар Аляксандр Веньямінавіч Навіцкі, – распавядае. – Вось сталі добраўпарадкаваць тэрыторыю: бяліць, фарбаваць, кветкі садзіць. Толькі заікнуліся, што нядрэнна было б і сад закласці – плошча дазваляе, як саджанцы былі прывезены. А каб яшчэ туй колькі, кажам, – атрымлівайце і туі. Прыемна, што агульнымі намаганнямі першае месца сёлета па добраўпарадкаванні занялі. А колькі яшчэ ўсяго ў планах!
Мяркуючы па тым, з якім імпэтам Таццяна Мікалаеўна выконвае ўсё, за што ні бярэцца, планам тым наканавана ажыццявіцца.