Докшичанин Денис Шпикат планирует после отработки остаться в ГП «Гнездилово-Агро»

Інжынер Дзяніс Шпікат упэўнена адчувае сябе і за такарным станком.

Інжынер Дзяніс Шпікат упэўнена адчувае сябе і за такарным станком.

17 лістапада — Дзень работнікаў сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці АПК

Выпускнік Горацкай сельскагаспадарчай акадэміі, інжынер па рамонце сельскагаспадарчых машын Дзяніс Шпікат працуе ў ДП “Гняздзілава-Агра” два з паловай гады. Столькі ж яшчэ засталося да заканчэння абавязковага тэрміну адпрацоўкі, але малады чалавек, па яго прызнанні, зусім не лічыць месяцы і дні па той простай прычыне, што пакідаць сельгаспрадпрыемства не збіраецца.

– Так, я дакшычанін, – гаворыць Дзяніс Аляксандравіч, – але ніякай праблемы ў тым, каб патраціць нейкія хвіліны на дарогу да месца сваёй работы, не бачу, тым больш што нас, іншагародніх, падвозяць спецыяльным транспартам. Акрамя гэтага, я цудоўна адчуваю сябе ў калектыве, таксама маю ва ўсім падтрымку і дапамогу ад кіраўніка нашай гаспадаркі Соф’і Пятроўны Бухаловіч і ад старэйшых калег. Заработная плата таксама задавальняе. Хачу сказаць, што нават за непрацяглы час я шмат чаму навучыўся ў практычным плане, і гэтыя навыкі дапамагаюць лепш спраўляцца са сваімі абавязкамі, быць дзесьці ўніверсалам. Тое, што ўмееш, за плячыма не носіш. Цаню гэтыя свае навыкі і тое, што знаходзіцца ім прымяненне.

Малады спецыяліст адзначае, што тэхніка ў сельгаспрадпрыемстве розная: ёсць і зусім старэнькая, якая дзякуючы належнаму абслугоўванню яшчэ спраўна служыць, і новая, сучасная. Галоўнае, лічыць, што выдзяляюцца неабходныя грашовыя сродкі на яе рамонт, набыццё запчастак, што механізатары і слесары ў гаспадарцы майстры сваёй справы. А лёгкага хлеба не бывае – каму, як не работнікам сельскай гаспадаркі, пра гэта ведаць.

– Наступае гарачая пара – будзь то сяўба, корманарыхтоўка ці жніво – і ад нашых работнікаў не пачуеш, што, маўляў, я ў гэтым не спецыяліст ці гэта не ўваходзіць у мае абавязкі. Трэба на трактар – значыць, на трактар, рамонт – значыць, рамонт. Агульная работа агульнымі сіламі робіцца – гэта я тут добра засвоіў. Навучыўся вось такарнай справе і вельмі таму рады: і гаспадарцы падмога, і мне гэта ўменне ў жыцці несумненна спатрэбіцца.

Алена НАСЦЯРОНАК.

Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *