Много лет Анна Чабан является лучшей заведующей МТФ «Порплищенский Двор»
Імя загадчыцы малочнатаварнай фермы “Парплішчанскі Двор” КУП “Докшыцкі” Ганны Чабан у раёне вядомае не адзін дзясятак гадоў і гэтак жа даўно стала, як цяпер модна гаварыць, брэндам вялікай працавітасці, прафесіяналізму і гіперадказнасці за сваю справу. Стос грамат і падзяк за высокія вынікі работы як раённага, так і абласнога ўзроўню гаворыць сам за сябе. Апошняя ўзнагарода атрымана зусім нядаўна – Падзяка дэпутата Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Анатолія Сіўко.
Вырашылі з Ганнай Вячаславаўнай адысці ад традыцыі сустрэч на рабочым месцы і паразмаўляць у дамашняй абстаноўцы. “Так хочацца разбіць стэрэатыпны вобраз работніка жывёлагадоўчай фермы – кабеты ў цёмнага колеру халаце, хустцы ды гумовіках, – уздыхае жанчына. – Зразумела, ва ўмовах, напрыклад, нашай фермы, пабудаванай тады, калі мяне яшчэ не было на свеце, у белым халаце ды балетках працаваць не атрымаецца, але ж кожны дзень у нерабочы час мы такія ж жанчыны, як і іншыя: і апрануцца прыгожа любім, і прычоскі робім, і макіяж ды манікюр, калі не ленавацца, таксама маюць месца быць”.
Што-што, а ленавацца – гэта дакладна не пра яе. Ганна Вячаславаўна перфекцыяністка: усюды і ва ўсім павінен быць парадак. Менавіта таму на старэнькай ферме, якой загадвае, у любую пару года і час сутак такія чысціня і парадак, так усё адладжана і адрамантавана, што хоць экскурсіі вадзі, каб паказаць наглядна, што належныя ўмовы працы могуць быць створаны самімі работнікамі.
У вёсцы Двор Порплішча, дзе жыве зараз, Ганна нарадзілася, тут прайшло яе дзяцінства, але лёс склаўся так, што ў дзесяцігадовым узросце выехала з мамай у Латвію, у Рыгу. Можа б, і засталася ў Прыбалтыцы назаўжды, тым больш што сустрэла там свайго Анатоля Рыгоравіча, сыны Андрэй і Віця нарадзіліся. Быў Савецкі Саюз, адна вялікая краіна. Але на пачатку 90-х магутная дзяржава рассыпалася, як картачны домік, і маладой сям’і, дзе муж быў украінцам, а жонка беларускай, у Латвіі сталася жыць, мякка кажучы, няўтульна. Вось і вярнуліся на радзіму Ганны. На той час у саўгасе “Докшыцкі” актыўна вялося будаўніцтва катэджных дамоў. Атрымалі жыллё і пайшлі працаваць на ферму, што знаходзілася літаральна за некалькі крокаў. Яшчэ адзін сыночак з’явіўся на свет – Ганна шматдзетная мама. Гэта быў 1992 год, а ў 1996-м маладая жанчына ўжо тую ферму ўзначаліла. Хутка споўніцца 33 гады, як сілы, вопыт і сэрца аддае свайму “дзіцяці”, паспяваючы яшчэ дома разам з мужам упраўляцца з немалой гаспадаркай і ствараць прыгажосць на ўласнай сядзібе.
– Пераканана, што поспех у любой справе будзе, калі кіраўнік, вобразна кажучы, знаходзіцца не над калектывам, а побач з ім, разам з ім, натхняе сваім прыкладам, гарой стаіць за людзей, цэніць кожнага работніка, па-чалавечы ўнікае ў яго праблемы, цяжкасці, – разважае суразмоўца. – Усё жыццё імкнуся быць такой, на сваім прыкладзе паказваць, як трэба працаваць, адносіцца да абавязкаў. Ідзеш сам – ідуць за табой. Гэта зараз не нарадуюся на свой невялікі – тры даяркі, тры жывёлаводы і слесар – калектыў, дзе на кожнага можна спадзявацца са спакойнай душой. А бывала ўсякае. Таму чалавечы фактар, як ні круці, аснова асноў. Яшчэ ва ўсім апорай, сцяной, ветразем і крылом для мяне з’яўляецца мой муж – дзякую за яго нябёсам. Разам мы многае пераадолелі, змаглі і прадаўжаем гэта рабіць, пакуль маем сілы.
Цяпер на МТФ “Парплішчанскі Двор” утрымліваецца 118 галоў дойнага статка. У сярэднім ад каровы надойваюць 9 кілаграмаў малака. Захаванасць цялят практычна стопрацэнтная. Заработная плата самая высокая сярод іншых фермаў гаспадаркі. І ведаеце, “чысты чацвер” на гэтай ферме паняцце даволі ўмоўнае, бо парадак там падтрымліваецца кожны дзень – іншага раскладу Ганна Чабан не ўяўляе і не прымае.