Бегомльский детский сад принимает участие в российском проекте «Живые письма дошкольников»
Бягомльскі дзіцячы сад прымае ўдзел у расійскім праекце “Жывыя лісты дашкольнікаў”. Яго сутнасць заключаецца ў абмене малюнкамі паміж дзецьмі праз паштовую сувязь.
Здавалася б, ці варта ў век інтэнсіўнага развіцця інфармацыйных тэхналогій займацца папяровымі перасылкамі? Выхавальніца Наталля Старасценка, па чыёй ініцыятыве і завязалася перапіска з расійскімі дзіцячымі садамі, упэўнена ў высокай эфектыўнасці праекта.
– Дзеці абменьваюцца малюнкамі, у якіх адлюстроўваюць прыгажосць роднага краю, паглыбляюць веды пра сваю і суседнюю краіны, пашыраюць уяўленні пра дзяржаўныя сімвалы, нацыянальнасці, прыроду, побыт, культуру, сямейныя традыцыі, – расказала яна. – А з іншага боку, атрымаць ліст ад сапраўднага паштальёна, адкрыць канверт і дастаць дасланыя малюнкі – невыказная радасць для малых! Пры гэтым дзеці вучацца зносінам з равеснікамі і сяброўству.
За два гады праектнай дзейнасці бегамльчане завязалі знаёмства з дзіцячымі садамі з дванаццацці расійскіх гарадоў, сярод якіх Санкт-Пецярбург, Казань, Уладзікаўказ.
Праект не толькі рэалізуе задачы грамадзянска-патрыятычнага выхавання дзяцей, але і служыць добрай пляцоўкай для абмену педагагічным вопытам.
– Часта ў канвертах таксама высылаюцца дыдактычныя матэрыялы і метадычныя напрацоўкі, – працягвае Наталля Старасценка. – Разам з тым дзеці рыхтуюць не проста малюнкі, а гульні-хадзілкі. Напрыклад, нашы выхаванцы стварылі для расійскіх аднагодкаў гульнявыя наборы пра Бягомль, Бярэзінскі запаведнік, рэзедэнцыю Дзеда Мароза ў Белавежскай пушчы і іншыя. Да Дня Перамогі ўсе ўдзельнікі праекта стваралі папяровыя цягнікі, вагончыкі якіх напаўнялі тэматычнымі малюнкамі. А хутка па просьбе арганізатараў з Расіі мы зноў вернемся да ваенна-патрыятычнай тэматыкі. Калі ў мінулы раз нашы работы пад агульнай назвай “Бягомль – фронту” прысвячаліся 80-годдзю вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, то цяпер будзем ствараць серыю “Беларускі фронт” з нагоды 80-годдзя Вялікай Перамогі, дзе раскажам пра Хатынь, Брэсцкую крэпасць-герой і іншыя знакавыя месцы.
Далучыцца да праекта можна ў Інтэрнэце, звярнуўшыся ў адкрытую супольнасць “Жывыя лісты дашкольнікаў”. Альбо ўступіць у закрыты агульны чат групы “Беларускі паштальён”.
Ніна КРУКОВІЧ.
Фота з архіва
Бягомльскага дзіцячага сада.