Как проходит реконструкция электросетей в районе, рассказали в Докшицком РЭС

Разгрузка новай падстанцыі ў Замасточчы.

Разгрузка новай падстанцыі ў Замасточчы.

Докшыцкі раён электрычных сетак праводзіць рэканструкцыю паветраных і кабельных ліній, трансфарматарных падстанцый са значным павелічэннем іх магутнасці. Мадэрнізацыя і будаўніцтва новых аб’ектаў прыносіць відавочныя выгоды для насельніцтва раёна, забяспечваючы магчымасць выкарыстання электраэнергіі для ацяплення і гарачага водазабеспячэння.

Рэканструкцыя завершана ў Валкалатах, Вітунічах, Маргавіцы і Чырвоным Беразіне, і ў народзе цяпер іх жартам называюць “лас-вегасамі” – з-за вялікай колькасці ліхтароў, якія ўсталяваны на кожнай бетоннай апоры. У цёмны час сутак гэтыя населеныя пункты ахутаны воблакам цёплага святла.

А на чарзе Замасточча. У дадзены момант там ідзе рэканструкцыя паветраных ліній – усяго будзе пабудавана больш за дзевяць кіламетраў.

На днях у аграгарадок з Мінскага электратэхнічнага завода даставілі дзве сучасныя трансфарматарныя падстанцыі блочнага тыпу. Дарэчы, па 37 тон кожная. Пачаліся работы па іх устаноўцы.

Адзін з асноўных крытэрыяў выбару населеных пунктаў для праекціравання і будаўніцтва ў іх паветраных ліній электраперадачы 0,4 кВ – тэрмін эксплуатацыі. Ён павінны быць не меншы чым 33 гады.

– Рэканструкцыя ўключае ў сябе поўны знос старых ліній і будаўніцтва новых згодна з сучаснымі патрабаваннямі, – тлумачыць начальнік РЭС Іван Ючкавіч. – Ставім больш магутныя падстанцыі. Усё разам дазваляе выкарыстоўваць большы аб’ём энергіі для задавальнення попыту людзей на электраацяпленне і гарачае водазабеспячэнне. У сувязі з гэтым сельскае насельніцтва мае выгоды практычна як гарадское – не трэба клапаціцца пра паліва для ацяплення, а электраабсталяванне зручнае ў выкарыстанні. І забяспечаны падагрэў вады.

Тэхнічнае абслугоўванне і капітальныя рамонты электрасетак 0,4–10 кВ праводзяцца пастаянна. Таксама РЭС абслугоўвае вулічнае асвятленне ва ўсіх населеных пунктах раёна, у тым ліку вядзе замену звычайных лямп на святлодыёдныя.

У 2024 годзе да электраацяплення падключана 194 домаўладанні раёна. Летась было прыкладна столькі ж.

У гэтым годзе праведзена рэканструкцыя ПЛ 10 кВ па лясных масівах з мэтай павелічэння бяспекі сетак – пабудаваны новыя лініі з ізаляванымі правадамі. У той жа час пракладзена ў зямлі кабельная лінія 10 кВ па запаведніку да вёскі Асецішча – гэтыя работы абышліся даражэй, але надзейнасць сетак яшчэ большая.

Плённа папрацавалі рэсаўцы і на ўвядзенні ў строй фермы “Дабрунь” – пабудавалі новыя сеткі ПЛ 0,4 кВ, забяспечылі работу новага электраабсталявання на трансфарматарных падстанцыях.

Што тычыцца Замасточча, то ўсе жадаючыя жыхары аграгарадка ўжо могуць прыступаць да афармлення дакументаў на электраацяпленне і гарачае водазабеспячэнне.

– Разам з тым варта разумець, што задаволіць запыты жыхароў ва ўсіх населеных пунктах адначасова немагчыма, – зазначыў Іван Ючкавіч. – Мадэрнізацыя электрасеткавай інфраструктуры будзе ажыццяўляцца паступова.

Ніна КРУКОВІЧ.
Фота Вячаслава ЧАРВІНСКАГА.

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *