На прошлой неделе Докшицкий район посетил министр жилищно-коммунального хозяйства Республики Беларусь

IMG_5019

На мінулым тыдні наш раён наведаў міністр жыллёва-камунальнай гаспадаркі Рэспублікі Беларусь Андрэй Шорац (на здымку). Андрэй Віктаравіч паралельна правёў асабісты прыём грамадзян і “прамую лінію”. З пытаннямі да кіраўніка галіны, работай якой грамадзяне карыстаюцца паўсядзённа, прыйшоў адзін грамадзянін з Докшыц, на “прамую лінію” паступілі два тэлефанаванні: з Крулеўшчыны і райцэнтра.

А ў мясцовыя арганізацыі не звярнуліся

У размове з міністрам грамадзян цікавіла, ці павінны камунальнікі ў непрыватызаваным доме мяняць за ўласны кошт кацёл, што працуе на цвёрдым паліве, і рамантаваць комін; чаму ў кватэру, якая размешчана на другім паверсе, не даходзіць ацяпленне да батарэі ў ванным пакоі, у той час, калі на першым і трэцім паверхах ванныя цёплыя; з каго спытаць за тое, што на адной з вуліц райцэнтра каналізацыйны калодзеж у час асфальтавання дарогі трапіў пад пакрыццё. Па ўсіх зваротах ва ўстаноўлены законам тэрмін будуць прыняты рашэнні, выкананне якіх на кантролі ў райвыканкаме. У двух з гэтых трох зваротаў грамадзяне не пайшлі з пытаннямі ў мясцовыя арганізацыі, якія адказваюць за іх вырашэнне, а палічылі, што лепш адразу звярнуцца да міністра ЖКГ. Ніхто гэтага не забараняе, але ці не варта спачатку паспрабаваць вырашыць паўсядзённыя праблемы на месцы, каб потым, калі гэта не атрымаецца, канкрэтна далажыць вышэйстаячым інстанцыям, хто, дзе і чаму адмовіў у дапамозе. А то атрымоўваецца, не звярталіся, ці звярталіся, але шмат гадоў таму, чакалі невядома колькі часу, а потым адразу агучылі праблему міністру.

«Другасная сыравіна сёння — гэта бізнес» —

такая выснова гучала ў час размовы з Андрэем Шорацам на тэму выканання заданняў па зборы другаснай сыравіны. Гэты працэс, на думку міністра ЖКГ, трэба актывізаваць не толькі за кошт давядзення заданняў арганізацыям, а і за кошт павелічэння цаны прыёму другаснай сыравіны ад насельніцтва. Тады людзі не панясуць паперу і шкло ў агульным пакеце ў кантэйнер, а задумаюцца пра тое, што можа і сапраўды адкласці іх асобна і потым здаць прыёмшчыку. Таксама, на думку А.В. Шораца, трэба адпрацаваць выязную сістэму прыёмкі макулатуры і шкла. І не рабіць з гэтага разавую акцыю дзеля справаздачы. Людзі павінны быць упэўнены, што, скажам, раз на тыдзень ці месяц у пэўны час на іх вуліцу прыедзе прыёмшчык, які забярэ непатрэбную другасную сыравіну і заплаціць пэўную суму грошай. Тады паступова стане магчымым зняць пытанне: “Як выканаць заданне па збору другаснай сыравіны?” Гэта выгадна не толькі насельніцтву, але і арганізацыі, якая арганізавала такі прыём. Справа ў тым, што аператары, якім зборшчыкі здаюць сабраную сыравіну, плацяць за яе нядрэнна. Выгаду гэтага зразумелі некаторыя прадпрымальнікі, якія ў нашай краіне сёння заняліся нарыхтоўкай другаснай сыравіны, і, па словах міністра, не застаюцца “ў мінусе”.
А.В. Шорац прыводзіць прыклад, калі некаторыя кемлівыя прадаўцы прапаноўваюць прынесці да іх адпрацаваныя батарэйкі і энергазберагальныя лямпачкі і за гэта, пры набыцці новых, даюць зніжку. Навошта яны гэта робяць? Усё проста: па- першае, прыцягваюць пакупнікоў, а па-другое, потым могуць здаць іх нарыхтоўшчыку, атрымаць за гэта грошы, якіх хапае не толькі, каб пакрыць зніжку.
Актывізаваць гэтую работу сёння павінны камунальнікі, бо ў хуткім часе і да невялікіх райцэнтраў даедуць кемлівыя прыватнікі, якія прапануюць большы кошт за сыравіну, і насельніцтва зробіць выбар у іх карысць.

Наталля НАВІЦКАЯ.

Фота А. Варанковіча.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *