Выхаванцы дзіцячага сада № 2 г. Докшыцы запрасілі на «Беларускі кірмаш»
Метадычнае аб’яднанне музычных кіраўнікоў дашкольных устаноў прайшло на базе дзіцячага сада № 2 у райцэнтры. Педагогі абмеркавалі тэму далучэння выхаванцаў да беларускай нацыянальнай культуры праз мастацтва. Сваім вопытам і практычнымі напрацоўкамі падзялілася музычны кіраўнік установы-гаспадыні Вераніка Кубельнік, якая стварыла плакат “Традыцыі беларускага народа” і гульні – інтэрактыўныя дадаткі, якія могуць выкарыстоўвацца на занятках з дашкольнікамі.
Пасля разгляду тэарэтычных аспектаў Вераніка Генадзеўна запрасіла прысутных на “Беларускі кірмаш”.
У актавай зале “разгарнуліся” гандлёвыя рады з мноствам тавараў, якія можна набыць на восеньскім кірмашы, што традыцыйна праводзіўся пасля збору ўраджаю. Дзяўчаткі і хлопчыкі ў нацыянальных касцюмах сустракалі гасцей вясёлай песняй.
Падчас мерапрыемства дзеці чыталі вершы, адгадвалі загадкі, гулялі ў гульні, танчылі. Калі меркаваць па настроі, маленькім выканаўцам вельмі падабалася скакаць і народны “Крыжачок”, і сучасны “Бульба-хоп”, спяваць. Педагог для пастаноўкі танцаў разам з традыцыйнымі рухамі выкарыстала і сучасныя, вельмі ўдала падабрала музычныя кампазіцыі, якія падабаюцца дзецям і лёгка імі запамінаюцца. Таксама выхаванцы падрыхтавалі інсцэніроўку пра Дзеда, які на кірмаш карову прывёў прадаваць.
Завіталі на свята і Лявон з Лявоніхай – адметныя народныя персанажы. Сыпалі прымаўкамі, прыказкамі, выбіралі тавар. А госці маглі паўдзельнічаць у жартоўнай латарэі. Атрымаўся сапраўдны беларускі кірмаш.
Увечары такое ж прадстаўленне чакала бацькоў маленькіх артыстаў.
Наталля ВАСЬКО.
Фота аўтара.