Вопросы благоустройства населенных пунктов и наведения порядка на земле рассмотрели на сессии Докшицкого райсовета депутатов

Справаздачу трымае Сяргей Карчэўскі.

Справаздачу трымае Сяргей Карчэўскі.

Пад кіраўніцтвам старшыні раённага Савета дэпутатаў Валянціны Рандарэвіч адбылася восьмая сесія раённага Савета дэпутатаў. Галоўнае пытанне, якое разглядалася на ёй, – выкананне мерапрыемстваў па добраўпарадкаванні населеных пунктаў і навядзенні парадку на зямлі ў раёне.

Асноўныя работы праводзіліся па добраўпарадкаванні сельскагаспадарчых аб’ектаў і дваровых тэрыторый шматкватэрных дамоў, па азеляненні, рамонце фасадаў будынкаў, вулічна-дарожнай сеткі.

Дваровыя тэрыторыі

– Каля шматкватэрных жылых дамоў усяго размешчана 60 дзіцячых гульнявых і спартыўных пляцовак, – паведаміў у сваёй справаздачы намеснік старшыні райвыканкама Сяргей Карчэўскі. – Сёлета яны былі адрамантаваны ў Докшыцах каля дамоў №№ 46 і 48 на вуліцы Палявой, №№ 26 і 30 на Ленінскай. Зроблены рамонт некалькіх двароў на вуліцы Маладзёжнай і Савецкай у аграгарадку Параф’янава, на Маякоўскага, 72 і Палявой, 45 у райцэнтры і Манковіча, 3 у Бягомлі. Бягучы рамонт тэрыторый планавалася зрабіць каля дамоў № № 74 і 76 на вуліцы Маякоўскага ў Докшыцах, аднак з-за адсутнасці фінансавання яго вымушаны былі перанесці.

Кантэйнерныя пляцоўкі

Зборам цвёрдых камунальных адходаў у раёне ахоплена 270 населеных пунктаў, праінфармаваў Сяргей Карчэўскі. Кантэйнерным – 78 працэнтаў насельніцтва. Абсталявана 533 пляцоўкі для збору адходаў. Летам іх рамантавалі на вуліцах Кальцавой, Юбілейнай, Піянерскай, 17 Верасня, Урыцкага, Палявой, завулках Я. Коласа і Маякоўскага ў райцэнтры.
У бягучым годзе камунгасам набыта 80 кантэйнераў для раздзельнага збору адходаў – шкла, паперы і пластмасы – на агульную суму амаль 30 тысяч рублёў.

Дарогі

Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь была пастаўлена задача да 9 мая прывесці ў належны стан аўтамабільныя дарогі агульнага карыстання, якія прыйшлі ў непрыдатнасць пасля зімы. Так, сёлета ў раёне адрамантавана 70,8 кіламетра дарог рэспубліканскага і мясцовага значэння, хаця планавалася толькі 47,7 кіламетра. На рамонт і рэканструкцыю аўтадарог у 2024 годзе ДРБУ-180 было накіравана 9792 тысячы рублёў – амаль у чатыры разы больш у параўнанні з мінулым годам.

Бягучым рамонтам вулічна-дарожнай сеткі ў населеных пунктах займаліся работнікі РУП ЖКГ “Докшыцы-камунальнік”. Ён праведзены на ўчастках вуліц 17 Верасня ў Крулеўшчыне і Ленінскай у Докшыцах. Адрамантаваны таксама ходнік на вуліцы Піянерскай – асвоена 63 тысячы рублёў.

Пустыя хаты – пад знос

У 2024 годзе з бюджэту раёна на знос і рэкультывацыю пустых хат у сельскай мясцовасці выдаткавана 54 тысячы рублёў, з якіх асвоена крыху больш за 42 тысячы. У рамках рэалізацыі Указа Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 24 сакавіка 2021 года № 116 “Аб адчужэнні жылых дамоў у сельскай мясцовасці і ўдасканаленні работы з пустымі дамамі” сёлета разабраны 32 хаты – у Сітцаўскім, Бягомльскім, Бярэзінскім, Бярозкаўскім і іншых сельсаветах. Найбольшая колькасць – дзесяць – знесена ў Крулеўшчынскім сельсавеце. Акрамя гэтага, сем домаўладанняў было прададзена. Іх купілі ў Бярозкаўскім, Валкалацкім і Докшыцкім сельсаветах.

Працягваецца работа па ўцягненні ў гаспадарчы абарот зямель, якія не выкарыстоўваюцца. Праведзена рэкультывацыя кар’ера “Пугачова” ААТ “Бягомльскае” на плошчы 0,79 гектара. Ад кустоўя ачышчаны меліярацыйныя каналы “Патачанка – Габка”, ад заілення – сістэма “Поня”.

Да канца 2024 года на добраўпарадкаванне населеных пунктаў плануецца асвоіць 320 тысяч рублёў, на ўтрыманне вулічна-дарожнай сеткі – 780 тысяч, на вулічнае асвятленне – 429 тысяч, у тым ліку 49 тысяч рублёў на замену ў сельскай мясцовасці свяцільняў на энергазберагальныя.

Работа, якая праводзіцца ў раёне па добраўпарадкаванні і навядзенні парадку на зямлі, у многім залежыць ад актыўнасці насельніцтва, ад грамадзянскай пазіцыі кожнага, падкрэсліў Сяргей Элефторавіч. Таму важна аб’яднаць намаганні ўсіх жыхароў і ўлады для дасягнення эфектыўнага выніку.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *