Оператор по доращиванию молодняка КРС МТК «Глинное» Людмила Дарануца стала победителем в районном соревновании

Людміла Дарануца: да гадаванцаў – з любоўю.

Людміла Дарануца: да гадаванцаў – з любоўю.

Сёлета ў раённым спаборніцтве сярод аператараў па дарошчванні маладняку буйной рагатай жывёлы  перамогу атрымала аператар МТК “Гліннае” ААТ “Таргуны” Людміла Дарануца, сярэднясутачная валавая прывага ў групе цялят якой склала адзін кілаграм.

Якім чынам, працуючы прыкладна ў аднолькавых умовах з іншымі аператарамі па дарошчванні, удалося дасягнуць самага высокага паказчыка па раёне, пацікавіліся ў Людмілы Васільеўны падчас сустрэчы на яе рабочым месцы.

– Ёсць тое, што ад цялятніц не залежыць, – гэта, канечне, якасныя кармы, збалансаваны рацыён. Тут ужо, як гаворыцца, што выдаецца, тым кормім, – адзначыла суразмоўца. – У нашай гаспадарцы жывёла забяспечана кармамі на належным узроўні. У астатнім велічыня прывагі – цалкам вынік асабістых адносін да малых падапечных. І сакрэту тут ніякага няма, бо ў любой справе важныя адказнасць за яе, добрасумленнае выкананне сваіх абавязкаў і – пажадана – любоў да таго, чым займаешся.

Людміла Дарануца з катэгорыі тых людзей, пра каго кажуць: дзе нарадзіўся, там і прыгадзіўся. Дзяцінства яе звязана з вёсачкай Варлань, а большая частка жыцця – з Глінным, дзе жыве і працуе. З цяжкасцю паверылася, што гэта маладая жанчына мае стаж у жывёлагадоўлі ажно 29 гадоў.

– Жывёлаводамі былі мае мама і тата, з малых гадоў ім дапамагала, таму мой “уваход” у гэту прафесію адбыўся неяк сам па сабе адразу пасля заканчэння школы, – усміхаецца Людміла Васільеўна. – Як вы ўжо зразумелі, фізічнай працай, раннім уставаннем мяне было не спужаць. Спачатку працавала аператарам машыннага даення, а калі праз якісьці дзясятак гадоў перайшла на цялят, зразумела: вось яно, маё сапраўднае прызванне.

Як падалося, гэта прыгожая, прыязная жанчына з прыемным голасам, плаўнымі рухамі яшчэ магла б паспяхова працаваць у дзіцячым садзе – дзеткі таксама цягнуліся б да яе. Не памылілася: Людміла Васільеўна прызналася, што вельмі любіць дзяцей і з’яўляецца маці дваіх сыноў і дзвюх дачушак. Старэйшая сёлета выйшла замуж, а малодшы – школьнік.
Сустракаючы такіх людзей, як Людміла Дарануца, заўжды захапляешся і здзіўляешся: ну як усюды паспяваюць? Расціць чацвярых дзяцей, мець вялікую падсобную гаспадарку, у якой і рагулі дзве мелі прапіску, і безліч іншай дамашняй жывёлы і птаства, і разам з тым на рабоце знаходзіцца, кажучы вобразна, ад рання да змяркання (а муж нашай гераіні таксама шмат гадоў працаваў у сельскай гаспадарцы), мусіць, не кожнаму пад сілу. З цялятамі ж – можа, банальна, але праўдзіва – як з малымі дзецьмі, асабліва з малочнікамі. А пагалоўе даглядаць даводзіцца значнае, ад 80 да 150 гадаванцаў, пры тым рознаўзроставых. І, мяркуючы па тым, як ажыўляюцца цяляты пры паяўленні сваёй “мамкі”, як цягнуцца да яе з усіх бакоў, агульнай масай яны для яе не з’яўляюцца.

– Так, – пацвярджае выснову суразмоўца. – Калі з малыша дарошчваеш цяля да 350-400 кілаграмаў, за тыя чатыры месяцы вывучаеш, напэўна, усе яго асаблівасці. Ведаеш, каторае гарэза, каторае ціхоня, у каго больш далікатны страўнік і яшчэ дзясятак усялякіх тонкасцей. Інакш немагчыма: гэта ж жывыя істоты, разумныя і, як усё жывое, адгукаюцца на ласку і клопат…

За гады работы ў жывёлагадоўлі Людміла Дарануца неаднаразова станавілася лепшай у сваёй справе, узнагароджвалася граматамі і падзякамі раённага і абласнога ўзроўню, у 2005 годзе сустракалася з Прэзідэнтам у Палацы Рэспублікі. Што яшчэ раз сведчыць: поспех выпадковым не бывае, а з’яўляецца вынікам штодзённай самаадданай працы.

Алена НЕСЦЯРОНАК.
Фота Вячаслава Чарвінскага.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *