Бегомльчанка Александра Костик исполнила бразильскую самбу на «Фактор.BY»

Саша

Многія сочаць за папулярным беларускім шоу “Фактар.BY” і, канешне ж, маюць сваіх фаварытаў у гэтай тэлеперадачы. “РВ” ужо паведамлялі, што ў кастынгу тэлепраекта ўдзельнічаў і атрымаў тры “так” ад журы наш таленавіты выкладчык ДШМ імя Н. Сакалоўскага Андрэй Воранаў. Прыемна канстатаваць, што свае тры “так” на “Фактар.BY” былі і ў яшчэ адной нашай зямлячкі – Аляксандры Косцік. Яскравы выхад з гарачай бразільскай самбай і пад не менш выдатную кампазіцыю запомніўся многім. А калі члены журы даведаліся, што Аляксандра сама піша песні, папрасілі дзяўчыну выканаць адну з іх. І гэта імправізацыя атрымалася вельмі пранікнёнай і шчырай.

Аляксандра родам з Бягомля. Яшчэ калі вучылася ў мясцовай школе, была пастаяннай удзельніцай усіх канцэртных праграм. Здавалася, што маленькая дзяўчынка і сцэна – гэта адзінае цэлае. Яна аднолькава на поўную спявала, танцавала і… іграла на акардэоне. Разам з тым пасля заканчэння школы прафесію Саша выбрала досыць аналітычнага складу – маркетолаг. Мэтанакіраваная дзяўчына працавала на сур’ёзным участку – кіраўніком аддзела digital (лічбавага) маркетынгу і, здавалася б, сумяшчала несумяшчальнае: прасоўванне праектаў і танцавальную кар’еру. Не, у дадзеным выпадку “кар’ера” не гучыць залішне гучна. Яна і сапраўды стала паспяховай танцоўшчыцай, а дакладней, танцуючай спявачкай. Аляксандра выбрала для сябе такі лацінаамерыканскі кірунак як рэгітон, яна выступае ў бразільскім танцавальным шоу, піша песні і выкладае танец. А два гады таму яшчэ і здзейсніла сваю даўнюю мару – пабывала ў Венесуэле, каб бліжэй пазнаёміцца з культурай краіны, якая ёй блізкая.

Аляксандра Косцік (у цэнтры) падчас чарговага выступлення.

Аляксандра Косцік (у цэнтры) падчас чарговага выступлення.

Аляксандра, падзяліўшыся ўражаннямі ад удзелу ў папулярным шоу, адзначыла, што нават у марах не было прайсці далей за папярэднія праслухоўванні, якія былі яшчэ ў пачатку лета. Яна адзначае, што ўжо падчас запісу тэлеверсіі праекта адчувала вялікую падтрымку журы, хаця і разумела, што выступае ў зусім непрывычным жанры. Дзяўчына прыслухалася да парады ў далейшым спяваць не толькі вядомыя хіты, але і больш давяраць сабе і рабіць стаўку на ўласныя песні. Спадзёмся, што дзякуючы мэтанакіраванасці, вялікай працаздольнасці і таленту, якім шчодра надзелена Аляксандра Косцік, у яе складзецца моцная музычная кар’ера.

photo_2025-01-09_15-26-30

Наталля СТАШЭВІЧ.
Фота з асабістага архіва гераіні публікацыі.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *