Работники Докшицкого РОЧС Александр и Валентина Трабо службу делят на двоих
19 студзеня – Дзень выратавальніка
Яна пакарыла яго сваёй дабрынёй і сціпласцю, ён – надзейнасцю і цвёрдым характарам. Спачатку былі даволі працяглыя сяброўскія адносіны, агульнае захапленне цяжкай атлетыкай, а пасля і шчырыя, цёплыя прызнанні. Сур’ёзнае стаўленне да шлюбу Аляксандра і Валянціны дапамагло ім стварыць моцную сям’ю – сям’ю Трабаў. І вось на працягу дзевяці гадоў яны ідуць па жыцці разам.
Прафесійнае свята – Дзень выратавальніка – сям’я таксама адзначае разам. Саша працуе майстрам-выратавальнікам у ПАВЧ № 1 г. Докшыцы. Валя – у райаддзеле па надзвычайных сітуацыях інспектарам сектара прапаганды. Абое прызнаюцца, што мэту трапіць у гэту прафесію перад сабой не ставілі. Усё атрымалася выпадкова.
– Марыў пайсці служыць у міліцыю ці прафесійна займацца спортам, аднак лёс распарадзіўся інакш, – гаворыць Аляксандр. – Толькі ні ў якім разе не шкадую аб гэтым. Наадварот, лічу, што зрабіў правільны выбар.
Валянціна ўвогуле па спецыяльнасці педагог, працавала настаўнікам фізічнай кульуры ў Парплішчанскай сярэдняй школе. Калі з’явілася вакантнае месца інспектара ў райаддзеле МНС і ёй прапанавалі заняць яго, згадзілася не адразу, доўга вагалася.
– Муж настаяў: маўляў, хвалявацца не трэба, усё атрымаецца, – успамінае інспектар. – Прыслухалася да яго, і вось цяпер разам працуем у адной структуры.
Валянціну заўсёды з радасцю сустракаюць у дзіцячых садах і школах раёна. А ўсё таму, што яна добра ведае, як знайсці падыход да дзяцей, у цікавай форме навучыць іх асноўным правілам пажарнай бяспекі. Пры гэтым у ход ідуць не толькі настаўленні, але і забаўляльныя конкурсы і гульні, а таксама рэальныя гісторыі з баявых будняў выратавальнікаў. Зразумела, дзецям яны больш падабаюцца са шчаслівай развязкай, калі байцы з вогненнай стыхіяй справіліся, і ўсе засталіся жывыя і здаровыя.
У Аляксандра, безумоўна, будні больш рызыкоўныя. Ён не аднойчы выязджаў і на тушэнне пажараў, і на дапамогу тым, хто апынуўся заціснутым у аўтамабілі ў выніку дарожна-транспартнага здарэння. Аднак больш за ўсё выртатавальніку запомніўся выклік, на які давялося спяшацца, калі праходзіў стажыроўку ў адным з абласных цэнтраў.
– Здарэнне адбылося сем гадоў таму ў Гомелі, дзе на адной з вуліц абрушыўся навес крытага лядовага катка, – расказвае Аляксандр. – Каб выратаваць людзей з-пад снежнага завалу, прыйшлося неадкладна арганізаваць яго расчыстку. Тады МНС дапамагалі супрацоўнікі міліцыі, ДАІ, атрада спецыяльнага прызначэння. Былі пацярпелыя, але галоўнае, што ўсё скончылася добра.
Напэўна, няпоўным было б шчасце сям’і Траба, каб не іх дзеці. Валянціна і Аляксандр выхоўваюць дваіх – сямігадовага сына Цімафея і трохгадовую дачушку Еву. Няхай жа ў гэтай сям’і, у якой, як сцвярджаюць самі сужэнцы, пануе раўнапраўе, заўсёды будзе лад – і на рабоце, і дома.
Таццяна ПАДБЯРЭЗКАЯ.
Фота аўтара.