Жители Докшицкого района принимают участие в досрочном голосовании на выборах Президента Республики Беларусь
Пачалося датэрміновае галасаванне на выбарах Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.
З 21 па 25 студзеня ўключна можна аддаць свой голас за аднаго з кандыдатаў. Участкі будуць працаваць з 12 да 19 гадзін без перапынку на абед. У асноўны дзень выбараў, 26 студзеня, галасаванне будзе праводзіцца з 8 да 20 гадзін.
Участак для галасавання № 1, які размясціўся ў адміністрацыйным будынку філіяла “Докшыцыводаканал”, адчыніў свае дзверы для першых выбаршчыкаў, якіх ужо сабралася вялікая колькасць, роўна апоўдні, і члены ўчастковай камісіі прыступілі да работы.
Адна з першых, хто вырашыў зрабіць свой выбар датэрмінова, – Ганна Козел. Дарэчы, у гэту кампанію бюлетэні дапоўнены прыпіскай для выбаршчыкаў – папярэджаннем пра тое, што закон забараняе фота- і відэаздымку запоўненага бюлетэня, а таксама яго вынас за межы памяшкання для галасавання.
– Павінна выканаць свой грамадзянскі доўг, – падзялілася меркаваннем Ганна Іванаўна. – Прызвычаілася заўсёды хадзіць у ліку першых, і на гэты раз вырашыла не мяняць свае традыцыі. У асноўны дзень галасавання па сямейных абставінах прыйсці на ўчастак не атрымаецца, бо паеду ў Віцебск. Дзякую Богу, што мы жывём у цудоўнай краіне, спадзяюся, што так яно і будзе далей.
Мікалай Сясіцкі таксама прыйшоў галасаваць датэрмінова. Дакшычанін на пенсіі, таму вольнага часу шмат. Чаму б і не скарыстацца гэтай магчымасцю?
– Жыву праз дарогу, – падзяліўся Мікалай Пятровіч. – Рашыў, што схаджу на ўчастак у першы дзень датэрміновага галасавання, бо, магчыма, у нядзелю будуць іншыя справы.
Моладзь таксама актыўна галасавала. Напрыклад, Алег Мацкевіч не стаў чакаць 26 студзеня і свой выбар зрабіў літаральна праз некалькі хвілін пасля таго, як адкрыўся ўчастак.
– Сёння ў мяне выхадны, – гаварыў малады чалавек, які працуе ў пажарнай часці. – Выканаць свой грамадзянскі доўг – мой абавязак.
Для бухгалтара Цэнтра па забеспячэнні дзейнасці бюджэтных арганізацый Таццяны Крывічанінай сёння дзень датэрміновага галасавання супаў з днём нараджэння.
– Спецыяльна прыйшла на ўчастак: для мяне гэта двайное свята, – з усмешкай гаварыла выбаршчыца.
На гэтым участку датэрміновае галасаванне заўсёды праходзіць актыўна. Большасць выбаршчыкаў – людзі працаздольнага ўзросту. Дарэчы, такую ж актыўнасць тут чакаюць і ў асноўны дзень галасавання.
Як паведамілі ва ўчастковай камісіі, колькасць выбаршчыкаў на ўчастку складае 1675, восем чалавек на выбарах будуць галасаваць упершыню.
Таццяна ПАДБЯРЭЗКАЯ.
Фото аўтара і Яўгеніі Малевіч.