Юные докшицкие артисты вернулись с открытого конкурса детского и юношеского творчества «Золотая лира-2014» с призами и дипломами
Па дарозе бег маленькі аўтобус. Міма праляталі лясы і палі ў асеннім убранні. Свяціла сонца, а паветра быццам звінела ад навакольнай прыгажосці і добрага настрою. Аўтобус быў незвычайны: калі б можна было расчыніць акенцы ці дзверы ў час руху, то на прастор адразу б вылецела шмат розных галасоў, якія спявалі любімыя песні. Гэта дзеці з бацькамі, што вярталіся з цікавай паездкі, вырашылі правесці конкурс: хто каго пераспявае. Вось такі музычны аўтамабіль спяшаўся дадому, а яго пасажыры былі ўдзельнікамі адкрытага конкурсу дзіцячай і юнацкай творчасці “Залатая ліра — 2014”.
Мерапрыемства праходзіць у Мінску ўжо сёмы раз. Удзельнічаюць у ім юныя артысты з усёй Беларусі. Сёлета перад прафесійным журы сваё майстэрства прадэманстравалі зорачкі докшыцкага краю, настаўніцай па вакале ў якіх з’яўляецца Таццяна Суднік — кіраўнік вакальнай студыі “Тоніка” Цэнтра дзяцей і моладзі. Выступленне малодшай групы вакальнай студыі літаральна зарадзіла ўсю залу. Песню “Маленькие звёзды» (перакладзены вядомы хіт “Носа” Мішэля Цело) падпявалі і гледачы, і члены журы. На працягу ўсяго астатняга часу, пакуль доўжыўся конкурс, у сценах мінскага Палаца дзяцей і моладзі “Золак” гучала гэта песня з вуснаў і дзяцей, і дарослых. А докшыцкія артысты за выкананне сапраўднага хіта дня атрымалі званне Лаўрэатаў 1 ступені і сталі ўладальнікамі статуэткі “Залатой ліры”. Старэйшая група “Тонікі” таксама была адзначана на конкурсе. Песня “Матросы” ў выкананні трыо – Аўроры Санько, Ганны Козел і Вольгі Суднік — вельмі спадабалася суддзям, у выніку —Прыз сімпатыі журы. Атрымалі дыпломы ўдзельнікаў Марыя Шылкова, Ганна Козел і Аўрора Санько, якія выступалі ў намінацыі вакал (сола).
– Удзельнікі вакальнай студыі, — расказвае Таццяна Ігараўна, — спрабавалі свае сілы ў гэтым конкурсе ў мінулым годзе. Тады таленавітыя дзеткі сталі лаўрэатамі 2 ступені. Сёлета нам больш пашанцавала. Зразумела, што толькі карпатлівая работа, трэніроўка галасавых звязак і вялікае жаданне спяваць могуць спрацаваць на добры вынік. А мае выканаўцы — гэта ўпартыя і апантаныя артысты.
НА ЗДЫМКУ: удзельнікі адкрытага конкурсу дзіцячай і юнацкай творчасці “Залатая ліра-2014”.
Тэкст і фота Яўгеніі МАЛЕВІЧ.