Мария Януш

Не згадзіўся

Сівы дзядок у аддзяленні
Ляжаў з хваробаю вачэй,
Чакаў з вялікаю надзеяй
Убачыць белы свет хутчэй.
Жанкі з суседняе палаты,
Даведкі ўзяўшы пакрысе,
Шапталі, што дзядок багаты,
Былы ваенны, афіцэр.
Жаночай ласкай не сагрэты,
І на рахунку грошай шмат,
Шыкоўная кватэра ў цэнтры,
А родных у яго няма.
Аналізуючы ўсё гэта,
Дарма каб часу не губляць,
Кабета тут над пацыентам
Апеку вырашыла ўзяць.
Яна яго на шпацыр водзіць,
Частуе фруктамі заўжды,
І хітра гутарку заводзіць
Самотнаму як цяжка жыць.
Другая справа – жонка дома,
Яна згатуе, прыбярэ.
Дваім не страшна, як вядома,
І старасць хуткую сустрэць.
Яна ж прыстойная жанчына,
Характар мае залаты.
Іх лёс звязаў адной сцяжынай
На ўсе далейшыя гады.
Дзядуля галавой ківае,
Як бы згаджаючыся з ёй,
А сам трывожыцца, чакае
Дня аперацыі сваёй.
Нарэшце, свет яму адкрыты
У яркіх колерах святла.
Ад шчасця дзед аж разгубіўся,
Сляза па твары пацякла.
Каля дзядка кабета ўецца,
Гатова пыл з яго здзімаць.
Пара прыйшла, як ёй здаецца,
Яму рашэнне прынімаць.
– Цяпер, каханы,
ёсць магчымасць
Нам жыць сям’ёй, як у людзей?!
– Была б ты, мілая жанчына,
Гадоў на дваццаць маладзей!

Адным сказам,
або Маналог мужчыны

Жанчынам трэба многа і адразу,
Іх меркантыльнасці
няма граніц.
А нам, мужчынам,
хопіць нават сказа
Свае патрабаванні абвясціць:
Адно нам трэба, каб кахала
І вернаю была на ўсе гады,
Кухарыла каб спраўна,
гатавала,
У доме смачным пахла
каб заўжды,
Каб чысціня была ў нашай хаце,
Таксама ж каб глядзела
за сабой,
Ва ўсім дапамагала маёй маці,
Вядома, каб сачыла і за мной,
Каб дома не сядзела, працавала,
І дзеці каб дагледжаны былі,
Каб грошай без патрэб
не распускала,
Каб быў мужчына галавой сям’і,
Была спагаднай, добрай
і ласкавай,
Царыла каб гармонія ў нас,
І на рыбалку мужа адпускала
З сябрамі без праблемаў
кожны раз.

Не трэба нам, мужчынам,
доўгіх сказаў,
Каб пажаданні выказаць свае,
Жанчыны хочуць многа і адразу,
А мы ўсё ж нашмат за іх прасцей.

Светлай памяці
брата Вячаслава

– Твае як справы,
раскажы, сястрыца,
Чым дыхае
бацькоўская зямля?
І сэрца пачынае гулка біцца,
Як голас твой пачую
я здаля.

Данбас радзімай
стаў табе другою,
Саюз Савецкі
нас тады яднаў.
Ці ж думаў ты,
што прыйдзецца з сям’ёю
Сарвацца з месца некуды
ў даль?

Пакінуць дом,
без грошай і без лекаў
Шукаць прытулак
у чужых людзей…
Ці ж вытрывае
сэрца чалавека
Кашмарны ход тых
жудасных падзей?

Гарматы б’юць,
і Першамайск палае…
Каму патрэбна
гэтая вайна?!
Каму зямлі, улады
сёння мала,
У чым народа
простага віна?!

За што жанчынам
Украіны кара:
Глядзець, як гінуць
іхнія сыны?
Ты б мог, браток, сустрэць
належна старасць,
Каб не было
праклятае вайны.

Калі змагу я нізка пакланіцца
Тваёй магіле
за спакой душы?
А голас родны:
“Добры дзень, сястрыца”
Праз боль і памяць
чую у цішы.

Сустрэча

Народ гудзеў
ля рыначных прылаўкаў,
А прадаўцы хвалілі
свой тавар.
Яна ўбачыла,
шукаючы прысмакаў,
Як быццам мільгануў
знаёмы твар.

Акінула натоўп
цікаўным вокам,
А сэрца гулка б’ецца
ў грудзях!
Заўважыла яго
непадалёку,
Праз колькі год
сустрэла на людзях…

Яе каханне, мары і надзеі,
І тая непаўторная вясна
Па волі лёсу болем адляцелі,
Пякучай ранаю трывожачы
ў снах.

Сівы стаяў,
прыгорблены мужчына,
Несамавіты…
Моўчкі адышла.
Як пастарэў!
Залысіны, маршчыны…
І што такога я ў ім знайшла?!

Яе прыкмеціў ён
тады таксама,
Здалёку стаў паціху назіраць:
І што такое гэта з ёю стала,
Былую прыгажуню
не пазнаць!?

Дзе валасоў капа
пад яркай стужкай?
У акулярах…Ну яшчэ няхай!
А растаўсцела,
нібыта кадушка,
Падумаць толькі:
я ж яе кахаў!

Яна, расчараваная, стаяла,
А ён, разгублены,
далей пайшоў.
Дзівілася яна: за што кахала?
Здзіўляўся ён:
і што я ў ёй знайшоў?

Дзень вызвалення

Чэрвеньскі ранак. Святая нядзеля.

Роў самалётаў… Грукат гармат…

Стогне зямля… а ў сэрцах надзея:

Свет уратуе савецкі салдат.

 

Ён ратаваў і агнём і крывёю,

Лютага звера да логава гнаў.

Моцным духам, адвагай сваёю

Дзень вызвалення да нас набліжаў.

 

Дзень вызвалення – вялікае свята,

Подзвіг народа жыве ў вяках.

Свет хай не ведае войнаў праклятых,

Мір утрымаць – гэта ў нашых руках.

 

Семдзесят год гэты дзень вызвалення

Памяццю паўшых у сэрцы жыве.

Ён асвятляе шляхі пакаленням,

Мужнасць гартуе, наперад заве.

 

Дзень вызвалення – галоўнае свята

Для Беларусі – Радзімы маёй.

Хай жа лунае, як голуб крылаты

Сцяг Перамогі над вольнай зямлёй.

 

Ліпеньскі дзень. Ярка сонейка свеціць.

Чыстае неба – блакітны абрус.

Кветкі. Усмешкі. Шчаслівыя дзеці…

З Днём вызвалення цябе, Беларусь!

Кветка шчасця

Не сып, зіма, на валасы брыльянты,

А шэранню на дрэвах заіскры.

А шыбах ружаў маляваць не варта, –

Ты лепш мне кветку шчасця падары.

 

Паўднёвым ветрам нас, вясна, лагодзіш,

Чароўным звонам птушак угары.

Сцяжыны закаханых сэрцаў зводзіш –

А мне лепш кветку шчасця падары.

 

Ліповы водар закружыў прасторы,

Сунічны пах у прыгаршчы бяры.

Ты, лета, мне не ранішнія зоры –

Купальскай кветкі тайну падары.

 

Не пралівай дарэмна, восень слёзы,

Ёсць хараство ў кожнае пары.

З апалых лісцяў клёна і бярозы

Ты лепш мне кветку шчасця падары.

 

Каб не стаміцца на жыццёвых хвалях,

Ад раўнадушша сэрца зберагчы,

Каб мне яшчэ хоць крыху шанцавала

Патрэбнай быць камусьці ў жыцці.

Зімовая мелодыя

Сцяжынкі кружаць дзіўным карагодам

З бязмежнай высі – ад бліскучых зор,

І сцеле коўдру срэбную прырода,

Каб атуліць пяшчотаю прастор.

 

Стаміўшыся ад мітуслівых танцаў,

Каб адпачыць, прыселі найхутчэй.

Яшчэ імгненне – і яны растануць,

Слязінкай блісуць на тваёй шчацэ.

 

Гармонія зімовай дзіўнай ночы.

Спакой і яснасць льюцца ад нябёс.

Блішчаць, як дыяменты, твае вочы,

Іскраць ад снегу пасмачкі валос.

 

Пачуцці раптам набягаюць хваляй,

Кранаюць струны сэрца і душы,

Як быццам нехта грае на раялі

Мелодыю кахання ў цішы.

Чабаровая ноч

Сыпала зоркамі мар
Ноч чабаровая з неба.
Бачыць твой ласкавы твар –
Больш мне нічога не трэба.

Шчасце кахання – як міг,
І пад салют заркападу
Неба з’яднала дваіх,
Ноч пакарыла ўладай.

Зоры міргаюць ярчэй.
З імі ляцім мы ў прасторы.
Пах чабаровых начэй
Сэрцы надзеяй бадзёрыць.

Жыццёвае

З вышыняў падмігвалі зоры,
Мароз давідна лютаваў,
А ты ў бліскучай прасторы
Ласкава мяне абдымаў.

Салоўка спяваў галасіста,
Чаромхай расквеціўся май,
А ты пад святлом серабрыстым
Пяшчотна мяне цалаваў.

Блішчалі брыльянтамі росы
І папараць-кветка цвіла,
Спявалі натхнёна нябёсы,
Як ты мне “кахаю” шаптаў.

Той вечар стаў жудаснай ноччу,
У сэрцы – знямелы адчай,
Калі ты, не гледзячы ў вочы,
Сказаў: “Разлюбіў…Выбачай…”

 

На радзіме Ігната Буйніцкага

Палевачы. Насупраць – Празарокі.

Амаль пустое месца тут цяпер.

Адсюль калісьці на прастор шырокі

Ступіў Ігнат – мясцовы землямер.

 

Мастак па духу, творца па натуры,

Інакшы шлях ён вырашыў абраць,

Каб паднімаць з нізоў сваю культуру,

Каб таленты народа адкрываць.

 

З гадамі дзейнасць трупа расшырала,

Тэатрам прафесійным стаць змагла.

Тут Цётка з Бурбісам і сёстрамі спявала,

Буйніцкі сам з дачкою выступаў.

 

Ад рытмаў танца аж звінела хата,

З задорам песня ўзлятала ўверх.

Здзіўляў Купалу яркі дар Гіната

Запал і спрыт яго, імпэт жывы.

 

Да помніка заўжды прыходзяць людзі.

Вянкоў, букетаў, кветак – не злічыць.

Здаецца, з трупай сам Ігнат падыдзе

І спеў народны звонка загучыць.

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *